Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Аж няўлады ўсе разгоняць,
Ляжа чысты роўны сьлед.
Гэтак, покі сэрца чуе,
Што ня час у шапку спаць,
Грайце, песьні, хай красуе
Наш загон і сенажаць!



Сваякам па гутарцы.

Шлю вам песьняй, братнім словам
Здароўканьне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі, —
Вы народ магучы:
Ваша панства — вашы вёскі,
Пан ваш — труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,
Не ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
Карыснай, няхітрай.
Вашы скарбы не ў ядвабнай
Магнацкай саеце,
А ў сярмязе непавабнай,
Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць абіты —
Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
Для ўсіх бел і смачан.
Слава вашай гэткай сілы
Вочы ўрагом коле,
Сьведкай сьвежыя магілы,
Што сыпе няволя.
Сьведкай прадзедаў шкілеты,
Курганы з кустамі,
Сьведкай — песьні воклік гэты,
Сьведкай вы з сьлязамі.