Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Заскакаў мароз па сьценах,
Віхры ў коміне галосяць;
Дроў у хаце ні палена,
Дзеці, жонка есьці просяць…
Ня пужайся гэткіх хмураў:
Шмат у горад шурак трэба;
Хай-жа дрогне лес пануры, —
Папрасі сякерай хлеба!
Гайда, жыва! Што ня ў меру
Там трасешся, як у трасцы?
Насталі сваю сякеру,
Хай у пушчы стук раздасцца!..
Ты худы, кабылка худа —
Хвойку вывезьлі, аж міла!
Даказалі такі цуду:
Конь, мужык на сьвеце — сіла!



Хто ты гэткі?

Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
— Ў сваей вёсцы.
Дзе хрысьціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асьвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Ня быць скотам…