Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Аратаму.

Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,
Вясна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,
Цябе „шнур“ чакае даўно.

Хай сошка крывая, кабылка худая
І ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
На тыя прадзедаў сьляды.

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся-б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваей працы хлеба,
Дый сам ты галодзен зусім…

Дык выпрамся-ж крошку, дый жыва за сошку,
Ды ў поле — к вялікай арбе!
Бач, можа і долю ў няўродлівым полю
Ты выарыш, братка, сабе…

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —
Любі сваю ніву, свой край,
І, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засявай!..



Араты.

Цягнецца араты
За сахой крывой;
Конік сьлепаваты
Трасе галавой.
Бражджыць, скача сошка,
То на пень, то з пня…
Цяжанькая ношка,
Араты, твая!