Жый згодна з усімі
І Бога хвалі,
Ня крычы з другімі:
„Свабоды! Зямлі!“
8.
На што хлеб, на што багацьце,
Калі нам мякіны хваце?
На што боты, чаравікі,
Калі ёсьць лаза і лыкі?
На што век зямлі хацеці?
Памром — сажань будзем меці!
На што новыя нам хаты?
Казна, двор і так багаты.
На што сьвет навукі шчаснай,
Калі сьлёзы сьвецяць ясна?
На што лек на гора болькі,
Калі маем манаполькі?
На што знаці ўсяго многа?
І так трапім да вастрога!..
На прадвесьні.
…І сівер ледзь хаткі ня зьверне,
І сьнегу ані ня ўбывае,
А тут у сьвіронку — ні зерня,
Апошняя бульба ўцякае! —
І сена няма ад Грамніцаў,
Саломкі тэй зараз ня хваце;
Кабылка падбегчы баіцца,
Кароўка ня хоча ўставаці.
Даведаўся ў двор і да сына —
Ня служцы куток свой карміці!
І больш не даюць з магазына,
Няма дзе рубля зарабіці…
Ня лёгка на сэрцы, ня лёгка!
Дум чорных ня збыцца дзень цэлы…
А так яшчэ траўка далёка,
Калі-ж і той колас насьпелы?!