Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Зімой — холадам з сям’ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
І не паглядзіш —
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.

2.

Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду: як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век без перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
І вось, дайцеся ўсе дзіву —
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, —
Цяпер стар, і ўсё-ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце —
Я так сама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-на-сам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы-ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.