Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1923).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Песьня мая.

Песьня мая ня ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучага вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежныя буры тулілі зімой.

Песьня мая ня ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, —
Знацца ёй досьць з беларускаю красай —
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзе забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо калі гасьне паходня старая, —
Новую заўтра распаліць народ.

Песьні маей не патрэбны сьвятліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лякайскай ня знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай — служба адна.

Песьня мая ня шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, —
Вецер свабодны з далёкага сьвету
Стрэце, праводзе адпевам сваім.
З небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.

Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…