|
Зелянелі лагі,
Зацьвіталі сады, —
З маладою сваей
Я спаткаўся тады.
Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў…
Абняліся мы з ёй,
Божым сном паплылі
Ў даль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,
Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ў даль да сонца ўдваіх
За адно з яснатой…
Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся з ёй
Туманом і агнём…
Аж нязьменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сьцяной
Паміж намі лягла:
Маладую маю
Разлучылі са мной…
...........
Так расстаўся навек
Я з сваею вясной.
|