Я хацеў-бы найці ручак беленькіх двое,
Што к сабе прыгарнулі-б, пясьцілі мяне,
Памаглі-б мне змагаціся з чорнай нудою,
А па сьмерці павекі закрылі-бы мне.
Я хацеў-бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,
Маю долю-нядолю дзяліці са мной,
З сэрцам чыстым якую-б усякай часінкай
Я любіў-бы, туліў і служыў-бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,
І аднэй, што мяне-б зразумела, душы…
Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:
Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.
Мая жонка.
Не хачу я жонкі
Не з сваей старонкі,
Як я — багацейшай,
І як я — мудрэйшай.
А вазьму такую,
К якой любасьць чую,
Што мяне палюбіць,
Як сябе самую.
*
Будзем з ёю жыці
І долю хваліці,
Весьці лад у хаце,
Дзетак гадаваці.
І так жыць па праве
Ў добрай будзем славе,
Покуль хаўтуроў нам
Злая сьмерць ня справе.