У дзяўчынкі, у княгіні,
Што пад-час мне вочкам кіне,—
Каласісты вянок жыта—
Коска жычкаю павіта;
Пара пасымкоў мятлічкі—
Броўкі мілые ў сястрычкі;
Дзьве пралескі—яе вочкі,
Ці два ў збожы васілёчкі;
Яе шчочкі—роўны ў сонцы
Цвету-рожы ля ваконца;
Яе губкі—не калінкі,—
Проста сьпелые малінкі!
Цвет-лілія із крыніцы—
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты з незабудкі—
Маладые ея грудкі;
Як хмялёчэк небадыльны—
Стан прытульны, перахільны;
Ручкі—хто зраўняўся з імі!
Так і шчасьце не абыме;
Сэрцэ… Ўсюды за ім пойдзеш,
Пекла, неба,—ўсё там знойдзеш…
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што пад-час мне вочкам кіне.
|