Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сьнег.

(Па Пшыбышэўскім).

Залегла, як пасьцель,
Лебедзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
За старухой зямлёй
Ты пасьцель, дружэ мой,
Узваліў на душу,
Якбы крыж на мяжу,
І ўжо рад не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Думкі, сэрцэ, паглёд
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыцьцё не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Ты і жыў, і любіў,
Ты ня ўмёр і забыў,
Каб нічога не дбаць,
Сьмела ў даль пагледаць,
Быць самым не на сьмех…
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Хтось—сваяк, не сваяк—
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Мо’ і лёгкіе дні
Не зачэпяць ані
Ні беда, ні нуда,
Ні агонь, ні вада…
Само счасьце, сам сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…