Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лісьце струпеўшае с дрэў асыпаецца,
Веткі шкелетамі сталі бяз іх,
Воўчые зрэнкі між пнёў палыскаюцца,
Птушчын і лопат, і шчэбет заціх.
Небо адзелося цёмнымі хмарамі,
Сыпе сьцюдзёнай слатою, дажджом;
Жо́равы, гусі лятуць над папарамі…
Цёмна, пагібельна, сьлёзна кругом.
Штосьці трывожнае, зло-непрыхільное
Сунецца з гэтай мертвячай глушы…
Восень панурая, восень магільная!
Страшна ты чуткаму сэрцу, душы.

|}



Зіма.

Было цёпла. У ваконцы
Загледало ясна сонцэ.
Аж, ні села і ні пала,
Зіма з сьнегам загуляла!
Усю нашую старонку
Спавіла, як у пялёнку,—
Німа траўкі, німа кветак,
Пуста гэтак, мёртва гэтак!
Сьціхла рэчка, як забіта,
Пад шкляною лёду плітай;
Лес пашумам не гамоне,
Птушак песьнямі ня звоне.
Век халодны без адмены
Мароз стукае у сьцены,
А ад сьнегу днём і ночай
Іскры сыплюцца у вочы.
Скрыпяць санкі на марозе
Па выслізганай дарозе…
Эй, каб шчаснай больш часінкі,
Вось-бы злётаў да дзяўчынкі!..