Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У полі глуха вецер сьвішчэ
І ў комін з шумам далетае.
Ні то жыцьцё, ні пажарышчэ,
Ні то пагібельнасьць якая!
А ў сэрцы, сэрцы неспакойным
Жаль так і ўеўся с пусткай гэтай;
Снуюцца думы роем ройным.
О, як ты страшэн мне, склон лета!
Была весна, і ўсё на сьвеце
Жыло, цьвіло і вось не стала…
Німа вясны, заплач па леце;
Нуда ва ўсім запанавала.
Такая-ж доля наша, людзі:
Жыві ды пекайся ўсей сілай;
Праходзюць годы, чахнуць грудзі,
Бач, і дапекаўся магілы.

|}



З асенніх напеваў.

1.

Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля—раздолле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожэм не хваліцца поле.
Косы ня сьвішчуць сталёвые
Ў соннай траве сенажацяў,
Серп на вайну ня йдзе с коласам,
Песень, і тых не чуваці.
Сонна адна адзінокаю
Груша стаіць над мяжою,—
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асенняй нудою.
Неба што дзень пахмурнейшае,
Сонца што дзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканне,
Нейкае ўкруг знемажэнне.
Вецер заводзе у коміне,
Быццам жыцьцё сваё гане;
Думы старые, халодные
Сэрцэ пужаюць, як здання.