Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лета.

Эх, ты, лета гарачае, бурнае!
Ажыўляеш ты поле і луг.
Люба, думкі пакінуўшы хмурные,
На сьвет выйсьці ды глянуць вакруг.
Шум стаіць над лясістай дуброваю,
Быццам рада аб нечым ідзе;
Рэчка, ў прысадзь схаваўшысь альховую,
Бурліць; рыбка плюскочэ ў вадзе.
Ў збожэ ўсякае ніва прыбралася—
Хораства там якога німа!—
Як залёны дыван, распласталася;
Шопат нейкі плыве ат жытца.
Колас с коласам гутарку дзіўную
Завялі, бы на хмары злуюць;
Песьні жаваранкаў пераліўные
Замаркоціцца, спаць не даюць.
А лагі, а гумнішчы, аселіцы?..
Вось абняў, прытуліўся, ляжы...
Хто з вас, хто не любіці асьмеліцца
Ў летку сьвет ат мяжы да мяжы?..
Дай-жэ лета мне веру магучую,
Што калісь сваю долю найду,
Дай мне песьні пець сілу жывучую,
Дай працівіцца крыўдзе і злу!



Сьпека.

Прыскам палае і жарам,
Жарам дрыжыць, зіхаціць,
Як-бы сьвет вечным пажарам
Хочэ абняць і спаліць.
Звугліла высі—загоны,
Звугліла долы—лагі,
Завалакла лес зялёны
Ў чорные дыму кругі.