Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вот Сёмуху вышлі—спаткалі,
Надзелі сьвяточны убор,
Зялёнай галінкай уткалі
Святлічку і ганак, і двор.
І цешацца людзі, як дзеці;
Сягоньня труд скінуўся з рук,
Хоць заўтра на белым на сьвеці
Ах, колькі чэкае іх мук!..

|}



З летніх малюнкаў.

Коціцца, ўецца далінкай крыніца,
Бьецца, плюскочэ ў каменнях вадзіца,
Далей плыве і плюскочэ.
Белымі грудкамі лёгшы на траўцы,
Хочэ дзяўчынка к вадзіцы дастацца,
Губкамі чэрпнуці хочэ;
Вольха лісткамі ёй шыю шчакочэ,
Плюскатам рэчка сьмяецца у вочы,
Сонейко ўсіх абнімае.
Сонейко, рэчка, вольха, дзяўчына
Думцы ўсьмехаюцца соладка, дзіўна,
Думка іх шчыра вітае…



Летняя раса.

Як брылянты, разсевае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.
А як раніца настане,
Блескі сонца загуляюць,—
Рос прыходзіць адцьвітанне,
Туманы у рэчцы таюць.
Як брылянты, гінуць росы
На зелёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!