Ноч за ночкай ідзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Разсевае трывогу-знямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацемрае гасьцінец-дарогу.
І урок, і залом абыймае крылом,
Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй з ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
Кажана́ і саву заручае.
З ям вылазіць, як лунь, Вадзянік і Лясун,
Выпраўляюць русалкі бяседу,
Зьмей дабро цягне с пунь, пакуль крыкне пявун,
Пакуль поўнач ня зробіць прагледу.
Небо свой нямы сход: месяц, зор харавод,
Над зямлю то выводзіць, то зводзіць;
Сьпіць сяло, дрэмле кот, вецер цісьнецца ў плот,
Як на дудках, у шчэпках заводзіць.
Так ноч ночку вядзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Разсевае трывогу-знямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацемрае гасьцінец-дарогу.
|