Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Выў сярод дрэмлючых ніў,
Як-бы на суд каго зваў,
Хто сатварыў, спарадзіў,
Хто узрасьціў, гадаваў.
Ноч—ён на вырай, на жыр;
Дзень—у бярлогу, як смоўж…
Пустка удоўжкі і ўшыр,
Пустка ушыркі і ўдоўж…
Выў ён, а рэха ўсё ў даль
З рогатам дзікім плыло,
Толькі ня віўся ў ім жаль…
Рэха пракляцьце нясло.

|}



Воўкалак.

Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе,
І зораў паявіцца знак,
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды Воўкалак.
У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, ўздзевае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт.
На веры людзкой і павазе
Хаваны між яраў і лоз,
У кожны надворак залазе
І водзе трусьлівасць за нос.
Паношыцца ў кожнай прыгодзе,
Сьмеяцца ня дасць над сабой,
Малітвы на губы наводзе,
Як лістам, трасе цемнатой.
Ці з ласкай яго, ці неласкай
Рахунак вядзе забабон;
Складаецца казка за казкай,
Падданых з’ярміў ён мільён.
Лет тысячы зьела непамяць;
За богам узводзіцца бог.
Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць,
Ніхто Воўкалакі ня змог.