Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бор.

Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ночь, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
З небам вядзе патайны разгавор.
Глуха нясуцца вольные шумы,
Веткі касматые гнуцца, трашчаць;
Родзяцца ў сэрцы дзіўные думы,
Хочэцца пушчу падслухаць, паняць.
Што ты, аб чым ты, бор неспакойны,
Гэткую гутарку ў шуме завёў?
Ці сваей долей ты недавольны,
Ці што не так ты на сьвеце знайшоў?
Можэ ты ўбачыў сьлёзы нядолі?
Можэ дзяцей тваіх недруг пацяў?
Можэ пачуў ты звон путаў няволі?
Можэ нешчасных жыцьцё ты паняў?
А можэ вецер, што скрось гуляе,
Што-небудзь новае збаяў табе?..
Эй, гавары ты, пушча глухая!
Слухаць прышоў я здалёку цябе,
Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
З небам ён толькі вядзе разгавор!



Воўк.

Топчучы верас і мох
Цёмных імшараў і лоз,
Выбрыў на сонны разлог,
На аплясьнелы пакос,
Зубам ляскочэ а зуб,
Вочы пылаюць агнём;
Стаў, як калода, як слуп,
Стаў і азваўся выцьцём.