Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,
Як адна, дзьве таполі шумелі,
І аб Захадзе ў полі лісьцьмі пелі таполі,
Як адна, дзьве таполі ўсё пелі,

Што пануюць у полі над дубамі таполі,
Як адна, дзьве таполі пануюць.
Што начуюць у полі самаўладна таполі,
Як адна, дзьве таполі начуюць…

Неба помсту у полі тут пачулі таполі,
Як адна, дзьве таполі пачулі,
І на векі у полі дзьве заснулі таполі,
Як адна, дзьве таполі заснулі.

|}



Лес.

Ці знаешь ты, дзяцюк недбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што з века ў век нам байкі бае?
Цікавым вокам і душою
Шмат перэняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асьцярожна.
Там зьвер туды-сюды шнуруе,
На ветцэ птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума с кумой на рэчцэ.
Зімой сапе сьцюдзёнай думай,
У летку песьнямі упьешся,
А ў восень там, ах, шумы, шумы,
Ня чуй — слязою абліешся!
Ніхай жэ сьвісьне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне…
О, пушча цёмная няўмеру,
Чыя душа с табой ня дрогне?!.