Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Колькі бедны крыўды мае?
Колькі жалю ў гальным шуме;
Хто падгледзе, ўсё згадае,
Ўсё прачуе ў соннай думе?
Смуцен явар. Змагаць—біцца
Сіл за мала з непагодай—
Па лісточку, па галінцэ
Ўсё губляе с кожным годам.
Гэй, і явар жыў на дзіва,
Паглядаў у сьвет з адвагай,
Быў ён князям гэтых ніваў,
На ўсім сьвеце меў павагу.
Ад узгорка, да узгорка
Ці там сонейка, ці вейка,
Ці то соладка, ці горка
Помне явара жалейка.
І ў дзень будні і ў нядзелю
Ён з людзямі са сваімі,
Колькі песень аб ім сьпелі?
Колькі ў песьнях яго імя?
Зьбеглі леты за летамі.—
Як не нашы, нашы песьні;
І мы самі, як не самі.
А наш явар? Аж балесьне…
За пакутнай за гарою
Плачэ хмурны адзінокі,
І ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі…

|}



Дуб.

Распусьціўшы суччэ
У глухім прывольлі,
Сам адзін расьце ён
На далёкім полі.
Як цар, у кароні
Аб нічым не дбае,
Ці то стогне бура,
Ці віхор гуляе.