Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ня год, не два зняла с плеч вёска,—
Дзянькоў уцёкшых знак відаць:
Мох у салому паўпіваўся,
Патпора час спяшыць стрымаць,
Жыцьцё у лапці абувае
Сваяк, чужынец-прайдзісьвет,
Беда багацтву бье паклоны,
Цямнота к знанню зводзе сьлед.
Вядзе вайну сьлеза са сьмехам,
Дзярэцца той, а той дрыжыць,
З грэхамі важыцца пакута,
У пары ноч і дзень бяжыць,
Не знаю: шчасьце, ці нешчасьце
Ўе тут спакойнае гняздо…
У вёскі гэтаго спытайся,—
Маўчыць і вёска пакуль што.

|}



Сад.

Гальлё панадна разлапушыў
За хатай прадзедавай сад;
Чарэшні, яблыні і грушы
Зыйшліся згодліва у рад.
Ківаюць макоўкамі ўдала,
Плывуць напевы ад галін,
Якбы з іх кожная ўзывала:
«Хадзі, бяспутнік, атпачынь!
«Хадзі, усядзься каля нас ты,
«Жыцьця прыгод забудзь напасьць,
«Паслухай музыкі лісьцястай:
«Яна табе гарт новы дасьць.
«Ты многа йшоў, блудзіў ты многа,—
«Жадання крыж ты нёс і нёс,
«Аж на растайных стаў дарогах;
«Цяпер—да нас ад бур і сьлёз!..»
Так бытцым вабіць сад лісткамі
Пад цень свой думку многа лет;
А думка што? яна з ветрамі,
Ня знай за чым, ляціць у сьвет…