Лежаць твае гоні-загоны
Сто-мільна на сьвеце на белым,
І жалюцца руняй зялёнай,
І коласам жалюцца сьпелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
І шле іх далёка па нівах,
Плакуча, ад края да края…
Паводкаю коцяцца воды
Руч’ёу паміж долаў і гораў,
У фалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
Спавітые плесьнею вёскі
Між пустак заселі бяссільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным,
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай знямогі-пакуты
І, роючы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцепная магіла,
С сваім незавідным народам,
С патухшай і славай, і сілай.
|