Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе…
І за гэта, толькі прашу, малю цябе:
Не гані ты мяне ад свайго парога.

|}



На вялікім сьвеце…

На вялікім сьвеце бье жыцьцё крыніцай,
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаванне вера і надзея,
Асьвяціць народы лепшы быт маніцца.
На вялікім сьвеце небо сьлёз ня сее,
Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,
Не галубіць думак цемра-асьляпніца
І ня водзіць душаў пагібення кнеяй.
На вялікім сьвеце бьюць званы на славу,
Людзі с плеч скідаюць ланцуговы скруты,
К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім сьвеце ўсё ідзе па праву,
Па законе божым з яснатой яскравай…
А у нас, у нас што?.. Толькі звонюць путы…



Я люблю…

Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітые ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шэптанне крынічнае ў летку…
Я люблю упрыгожэну ў мхі
Нашу вёску—сваей крыўды сьведку,
Свой народ—гэту зьвяўшую кветку,
Цэлы край—родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы;
Аб ей брэджу на яве і ў сьне.
Я люблю і заву, бы ў нялюдзьдзі—
Чуюць кліч мой сухіе лясы,
Кліч: Хто-ж любіць, хто любіць мяне?