Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Суды́.

На суды павялі яе звязанай,
Сэрцэ вырваўшы з белых грудзей,
І судзіці давай—як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку-мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і за́ламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Не спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны…
С плеч зрывалі уборы злацістые,
Разрывали карону-вянок,
Разьбівалі пасад ей нячыстые
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ей сковы сталёвые,
Надзевалі жэбрачы убор,
У намітку ўбіралі цярнёвую
Яе коску сатканую з зор.
Вочы вырвалі ей, сонцу роўные,
С-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзянне пусьцілі, на зьдзек.
З лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
На сустрэчу крыжам і капцам,
Чуць жывая жыве пазабытая,
Ў сне зьяўляючысь родным сынам.
К волі йдзе з дня на дзень; разгледаецца
Па бел-свету калі-некалі;
Толькі Дух-Яснасьвет пацешаецца,
Што ўсё-ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Атпраўляць вечнабыту імшу…
Не здалеюць суды цемнатворные
Ей спаганіць і вырваць душу.