Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пад крыжам.

З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцьвеўшым стаю,
І ўвокал—ад гораў да гораў
Зямлю агледаю сваю.
Навокала сьцеліцца столькі
Багацьця, красы і сьветла!
Хоць болькі, старые ўсё болькі,
Адна за аднэю легла.
Плакучые стогнуць бярозы,
Скідаючы лісьць залаты;
Хістаюцца дзікіе лозы,
Глухіе, сухіе кусты.
Звод нейкі гамоне, шапочэ:
— Калодаю, дружэ, ты будзь!
Душа толькі верыць ня хочэ,
Ня хочэ паняць і заснуць.
Упаўшые грудзі калышэ
Жальбой непрыхільнаю сум,
І тысячы ў памяці пішэ
Гаротных, нявыжытых дум.
Бязсільна: народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
— Ва што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
С крывавай на лузе смугі?..
Пытаю жывых назаліста,
Чэкаю, атказ ці бяжыць…
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста…
Пракляцьце і тое маўчыць.