Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вялікдзень.

Два сьвяты на сьвеце—ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! наступае весна!
Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы
І далей к жыцьцю с паніжэння і сна!

Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух сьвятаў
Сьпяшыце супольна, хто ў путах ня згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
Ў вадно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!

*

Вялікдзень! Вялікдзень! ад нівы да нівы.
Забыў не адзін з нас недаўные дні,
А ўспомні—прыпомні шчасьліў, нешчасьлівы,
Аб тых, што ў сьвітанні на век адыйшлі,—

Усе костачкі тые на гонях папарных,—
Жывых, што ў бязпуцьці акуцьцем зьвіняць…
Прыпомні, дай слова ня счэзнуці марна,
Пачатую справу шырыць, расшыраць!

*

Вялікдзень! Вялікдзень! ад нівы да нівы
Заводзе бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні-ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы,
І заўтра на поле да сох, як адзін!

Дагэтуль мы плачэм, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных ня можэм пазбыціся сьлёз…
Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне,
Весна ўжо на сьвеце,—Хрыстос уваскрос!



Хрыстос васкрос!..

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей:
Вялікі Мучэльнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.