Наведзены струны у скрыпках па-свойску
Чужая зрывае рука;
Жалейка азвецца з вясны пад бярозкай,—
Ня ўцешыць яна бедака.
Так камень не ляжэ, як змора паддання
Легла ад мяжы да мяжы
З надзеяй, што нават і думку змагання
«Забраны край» вырве з душы.
Жыцьцё лет бяз ліку на шнурык свой ніжэ,
Бяз ліку няволя есьць сіл…
Аж прадзедаў косьці ня ўлежаць пад крыжам,—
Што ночы выходзюць з магіл.
Выходзюць, ідуць ад парогу к парогу;
На стогн жывых грозна глядзяць;
І з ветрамі, з бурамі бьюць на трывогу:
«Забраны край» клічуць устаць.
|}
У ночным царстве. Скрыпяць трухляцінай асіны, |