Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Забраны край“.

Балканскім Славянам.

Я ведаю, знаю старонку такую,
Спавітую ў вечны туман,
Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,
Ляжыць на кургане курган.
Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна,—
Ня поймеш аткуль узялісь;
Людзей запытаеш,—аткажуць спакойна:
«Забраны край» гэты калісь.

Сыны зямлі роднай чужые палеткі
Ў чужую карысьць засяюць,
На родных папарах галодные дзеткі
Чужую жывёлу пасуць…
Кладуцца заломы… Дабро зьмей валочэ…
Цянюе ля хат ваўкалак…
Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзюць па ночы,
«Забраны край» тузаюць так.

Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;
На стражы пастаўлен сынок;
У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах
Чужак зневажае дачок.
Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,
За «мамак» к наездцам ідуць,
А тые за іх малако, за апеку
«Забраны край» болей гнятуць.

Мальбішчам чужым бье пакора паклоны;
Упадку вялічыцца сьцяг;
З балотам змешаны старые законы,
Наладжэн нявольнічы шлях.
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
Народным дабром, як сваім…
Заплачэ ў пагоду канюх па расінцэ,
«Забраны край» жаліцца з ім.