Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Кінь вокам на мур пабеляны,
На стрэхі с саломы зірні;
Зайдзі на магілкі с крыжамі
І насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках ня кінула жыць;
Сягоняшні дзень паймі добра,
Што ў сьлед нашай долі бяжыць…
І ўсюды—ад краю да краю,
Дзе зьвернецца думка твая,—
Аб роднай старонцы пытайся
Ты неба, зямлі і жыцьця,—
А сэрцэ—калі ня звёў сэрца—
Аткажэ за ўсіх не ў нарай:
У нас ёсць паны і іх слугі,
А людзі… што-ж?… Сэрца спытай…

|}



* * *

Бледные будніе дні
Сумна па роднай зямлі
Мутнай плывуць паласой;
Часам калі-некалі
Дзе-недзе бліснуць агні,
Глянуць крывавай расой.
Песьні раздольля маўчаць,
Песьні, што рабскіе сны
З душ паднявольных змялі-б,
Толькі заводзюць званы,
Толькі асіны скрыпяць
Над уміраннем сяліб.
Скрогат нясецца з асін…
Рабству паклоны біў дзед,
Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька—за дзедам,—у сьлед
З бацькам пляцецца і сын;
Ты-ж кудой пойдзеш, унук?..