Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шчасьце ў путах… Звод разьвеяў
Думку маладую,
Асталось крыху надзеі,
Дый паганяць тую.

Вера ў будучыны жніво
Спапялела з гора,
Крыўда-ведзьма незьмянліва
Заліла, як морэ.

Гарт апёрся на кургане,
Як ноч, уздыхае,
І ў кургане уздыханне
Гарту падцінае.

Ка́ня с смагі на пагодзе
«Піць» галосе ў небе,
Ды ў завею воўк заводзе
Па крывавым хлебе.

|}



Не для нас…

Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляло на небе высокім
Сеяць думкі вясенніе, райскіе,
Гэт, па сьвеце вялікім, шырокім.
Не для нас ніва намі ўспаханая
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Бье паклоны на права, на лева.
Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над рэкою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шэптацца з душою,
Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разліваецца
Салавейкава звонкая песьня…