Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вянуць кветкі што раз без пары,
Вяне зелень спустошэных ніў,
Шум ня моўкне ў зялёным бары:
Не чэкаць, людзі, вам буйных жніў.
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і сьлёзы льіцё вы здарма́;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў спад ярма.
Вам—пакорным рабам—не вясны,
Рукі на крыж злажыўшы, чэкаць,
А пад песьні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе-ж будаваць.
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рэка
Чужакову каню дае піць.
Для асьлепленых, здаўленых вас
Не было і німа іншых дум…
.............
Так над намі весной кожны раз
Стогне бору зялёнаго шум.
Так весна за вясной к нам ідзе
І бязследна атходзе ад нас…
Ні канца тэй бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьветла хоць на час.

|}



Не спадзейся…

Не спадзейся, сын і матка,
Ад жыцьця патолі…
Ні канца, ані пачатку
Вашай чорнай долі.

Ці сягоньня, ці то заўтра—
Як і ўчора, ўсё так;
Стогн гнязьдзіціся спанатрыў,
Жаль пляце свой мо̀так.