Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Зваеваным.

Сьпіце ўсе тые, што праўды па сьвеце шукалі
І, не здабыўшы, ў дамоўкі без часу зышлі.
Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі…
Хай-жэ пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі…

Гулка нясецца стогн лесу ў начные пацёмкі,
Плачэ-галосе у коміне вецер глухі…
Сьпіце вы, слаўные гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!

Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны ешчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узняліся арламі,
Блескам былі нам, тым блескам, што гас і не згас!

Грозна нясліся магучые вашые клікі;
Нават каменные душы скідалі свой сон;
Радасьцей дзіўнай зьвінеў ваш край бедны, вялікі…
Сіл не хваціло… запеў пахаронны вам звон.

Сьвежые наспы мураўка ешчэ не пакрыла,
Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом…
Сьпіце! мы вашых на век не забудзем магілаў;
Збуджэны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём



Вясна за вясною…

К нам весна за вясною ідзе
І бязследна атходзе ад нас…
Ні канца тэй бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьветла хоць на час.
Хоцьбы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоцьбы раз зазвінела каса,
І дзень лепшы наклікала нам.