Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дарма розумам цэлые годы
Ў жыцьця дзівы, як мог, загледаў:
Чарадзейную кнігу прыроды
Не пытаў, атчытаў, скарыстаў.
Што земля на сьвет жыць не пусьціла,
Ты паняў да канца з урода;
Табе пара каня адмяніла,
Цябе слухае вецер, вада.
Ты і неба ўсе скрыткі падгледзіў:
Злічыў, колькі зор, што ёсьць на іх;
І нічому, здаецца, ўжо недзе
Ад вачэй скрыцца зоркіх тваіх.
Ты і ў прышласьць рад глянуць заранне,
Змёў-бы пыл забыцьця з прошлых дней,
Ўсё-ж бязсілен твой розум і знанне
Перад голасам духа начэй.
Ты дрыжыш перад нечымсь, як глянеш
Ў гэту цемь, патслухаеш яе;
Як дзіцё, як матыль, слабым станеш…
А ноч тайна а дзівах пяе.
Мае мір неадкрытые сілы,
Што людзкое ўсезнанне прашлі,
Гэтых сіл не пазнаць да магілы
Табе, думнаму цару зямлі.

|}



Згнаннік.

Выгналі с хаты, выгналі людзі,
Выгналі косьці жывые;
Сівер са сьнегам рынуўся ў грудзі,
Рынуўся зьверам на шыю.

Месяц загінуў, выгасьлі зоры,
Даль залегла безпрасьветам;
Хмары глухіе, хмары—як горы,
Ходзюць, сапуць непрыветам.