Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У чужой старане.

Тут далёка, ў чужой старане,
Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,
Сэрцэ больлю сціскаецца мне,
І спакой недзе коціцца проч.

Думы цяжкіе роем снуюць,
Капашацца шмяльмі ў галаве,
Сноў спазнаць залатых не даюць,
Кожна мучыць, к загубе заве.

Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым
Чорнай пьяўкай сьлізгочэ ў душы…
Аб жыцьці безпраглядным сваім
Разважаю я ў гэтай цішы.

Ах, салодкі ўспамін не адзін
Шэлясьціць, як вяроўкаю кат…
Столькі іх гэтых мілых часін!
А забыці іх сілы не хват.

Гэй, ты, гэй, прамінуўшый мой час!
Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!
Што я меў, што я маю ад вас?
Гдзе прасьвету хоць цень—бледны цень?

Роднай песьні вясёлы напеў
Не ўзлунаў над калыскай маей;
Супраціўны скрозь мучыць павеў,
Як за хлебам пайшоў да людзей.

Гонюць, гналі, дзе гнаці маглі,
Як шалёных ганяюць сабак;
На сваей, ах, на роднай зямлі
Сустрэчаўся я з сонейкам так.

На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі
І гарачай крывёй паліваў,
Ўнук—ужо між чужымі людзьмі—
Тэй зямлі трох аршын не дастаў.