Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ці сонцэ ўзойдзе, і ці сонцэ зайдзе,—
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю-ж як толькі сустрэчаю гусі,
Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.

*

Я ад вас далёка… Жыву меж чужымі.
Чую-ж вашы песьні,—вотклік шлю сваімі;
Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
Аж-бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.

Не зрабіць нікому гэткай дамавіны,
І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.

*

Я ад вас далёка… Божэ, ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы,—
Не пакіну думаць сьвітам і ў пацёмку:
Як там жывецё вы, як жыве старонка?

А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсцэ,—
Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца,
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Гдзе лежаць загоны Беларусі роднай.

|}



Мінуты шчасьця.

Сплылі ў душу з высі высокай
І зацьвілі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
На дальнім летнім небасхілу.

Цвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаннем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
Цяклі нявыплаканай сілай.