Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я ад вас далёка…

Я ад вас далёка, бацькаўскіе гоні,—
На чужое небо ўжо гляджу сягоння.
Але думкай, сэрцэм толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

І німа на сьвеце так вялікай меры,
І німа на сьвеце так каваных дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні, ці ў нядзелі—
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!

*

Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужые грудзі,
І паняў хто шчыра той агонь і морэ,
Што гарыць, бушуе і аб чым гаворэ?

Пойме толькі гэта, хто аж да сканання.
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстання;
Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
Кідала па сьвеце, як той лісьць вятрыскі.

*

Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я,
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю: толькі рэчку—с плытнікамі Нёман.

Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны,-
Што мне замянілі-б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?…

*

Я ад вас далёка… Дзеліць нас паўсьвета,—
А жыву-ж я з вамі і зіму і лета;
Чую з вамі ў восень непагоды песьню,
Цешуся с праталін вольнаго прадвесьня.