Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/253

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Коні с пашы вядзеце; зброю, сёдлы браць с клеці!
А спраўляцца мне жвава і скора.

З Вільні вестку мне далі, што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры сьвета староны:
Вольгерд рускіх біць едзе, Скіргел—ляхаў-суседзеў,
А князь Кейстут заграбіць Тэўтоны.

Дзяцюкі вы ня зломкі, для радзімай старонкі
На вайне пашукайце ўспамогі…
Ня йду сёлета з вамі,—знаю—трапіце самі;
Трох вас ёсьць і тры ёсьць вам дарогі.

Вось адзін хай пасьпее за Альгердам ў Рассею
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там—саболі і лісы, і злацістые місы,
І ў баяраў там грошы—як лёду.

Едзь другі да Кейстута, а ўвіхайся там крута,
Крыжакам дай, як сьледна, па пятах;
Меруць там на асьміны брыліянты, бурштыны,
Дарагіх шмат ксяндзоўскіх арнатаў.

Скіргел с трэцім памчыцца там, дзе Вісла бурліцца;
Беднату там убачыш ліхую,
Але возьмеш за тое узбраенне стальное,
І мне стуль прывязеш сынавую.

Бо дзе я ня быў толькі, спадабаў адны Полькі,—
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы, як смоль—чорные бровы,
Як дзьве зоркі, так сьвецюцца вочы.

Маладым чэлавекам, я стуль быў прад паўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яна ўжо ў магіле, я ўбываю на сіле,
А ўсё-ж міла гляджу ў ту старонку.

Даўшы так асьцярогу, блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Сходзе восень, зіма йдзе, сыны ўсё там—вайна дзе;
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.