Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

* * *

Не пужайся, што здрадные хмары
Неба ўслалі с канца да канца,
Што свае цемната ўнесла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Ешчэ прыдзе весна!
Не пужайся, што лісць пажаўцелы
Лес скідае с канца да канца,
Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што бедная ніва
Апусьцела с канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчасьлівай
Неужоннае скончэна жніва:
Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што вольные сілы
Ў путах дрэмлюць с канца да канца,
Што насільства ўсю праўду здушыла,
Што сьмерць густа капае магілы:
Ешчэ прыдзе весна,
Ешчэ прыдзе!…



Гэй наперад.

Гэй наперад, покі сэрцэ
Бьецца, рвецца на прастор,
Годзі млеці ў паняверцы;
Гэй да сонца! гэй да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,
Йшлі на той сьвет без пары;
Сёння ў нашай моцы горэ,
Мы жыцьця гаспадары!
Думка ў думку, дружна, сьмела
Ўсе наперад грамадой!
Кожны ведай сваё дзела,
Знай, за праўду крэпка стой!