Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Іду… Куды ісьці сягоння?
Аднэй німа, а шмат дарог…
Адлогам родные сьпяць гоні,
Іржа на вышках есьць нарог.
На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклеплена каса;
На сьцежках мох расьце калючы,
На ім—чырвоная раса.
Руцэ народнай набіваюць
Плугі чужые мазалі,
Чужые коні папасаюць
На абезволеннай зямлі.
Йдуць песьні, казкі ў дамавіну;
Якіе дзед сьпеваў складаў;
Свае жалейкі люд закінуў,
Чужым сьвісьцёлкам мейсцэ даў.
Узносе пасынкам пакорным
Беда цямнічные муры
І сеткі путае праворна,
Чэпае могілак крыжы.
Адно чуваць, як быццам штосьці,
С-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косьці,
Дзе час варочае крыжы,—
Штось варушыцца у бязсільлі,
Ці-ж бы там быў жывых папас?..
Ня ўжо нябошчыкаў зьмянілі,
Ня ўжо нябошчык кожны з нас?
................
Але ўжо блізка і сьвітанне;
Пара́ ўзнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонцэ гляне,
Жджэ не адна мяне гара.
І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коні рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе перэспаць.
Цяпер, каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?