Цямноты ўсю паняў нездарнасьць,
Я сілу знання ўсю паняў;
Свайго жыцьця я відзеў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзняў.
Але ня суджэна было мне
Душой без часу загавець,
І сам не знаю ўжо сягоння—
Жалець таго, ці не жалець.
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там не жалімся на лёс.
Што раз зваднейшые ўсё леты,
Што раз цяжэй на грош і хлеб.
Пайці у сьвет—бацькі мне сьветам,
А хата мне—астрожны склеп.
Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканьшы год.
Аж бацьку горэ з ног зваліла,—
Пашоў на той сьвет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Злёг брат, і дзьве зляглі сястры.
Пашло нешчасьце за нешчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш—сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.
Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць,
Нагайку службы я пазнаў,
У сьлед мая шла безпрытоннасьць,
З ёй вецер песьні напеваў.
А думкі рваліся да сонца,
Туды, да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бязконца
С пустынных ніў, з гаротных гор.
Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўные ў душу;
Іх чуў, як чуе сонцэ колас,
І думаў, зло сваё скрышу.
................
Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/246
Выгляд
Гэта старонка была вычытаная