Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

3-ці падарожны, (прыслухаючысь).

Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас ніхто тут не начуе,—
Каб не набраціся бяды?!


1-шы падарожны.

Сядзіце вы, а я патскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо’ сена хто наскубсьці хочэ,—
Вось шэльме дам, дык дам лазы.

(Атходзючы, чэпляецца лапцем за сук і валіцца).

А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць ня вывярнуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо готова, ўжо бягу.

(Па неякім часе варочаецца з незнаёмым).

Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэттака здаю…
Ня многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
У спрэчку доўгую ня ўходзіў:
Пашоў, куды сказаў яму.


Назнаёмы.

Пакінь плясьці! Я вам ня злодзей,
І лаяць так німа чаму.
Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а с коньмі вы.
Але, як вы, шукаў начлегу,—
Яго між вамі думаў мець,
Дый не туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.


2-гі падарожны.

А як васа́на нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, ня меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасьмеў?..