Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

3-ці падарожны, (патходзючы).

А вось і я прышоў нарэшце!
Крыху задлякаўся с канём…
Агоньчык толечы разьвесьці,—
А там закусім, аддыхнём.

(Дастае запалкі).

Запалім… А! вось і навука!
Што гэта значыла-б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае́ замоклі сярнікі.
Не дам нічога з імі рады;
Ў пацёмку трэба папасаць.
Вось не пашэнціла, дапраўды!
Ці-ж думаў хто так прападаць?!


1-шы падарожны.

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта,—
Каб нам такой бяды павек!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё-ж лета—
Ня зчэз ніводзін чэлавек.
А можэ хто ешчэ над’едзе
І зніме гэты клопат з нас?
Дый першыня, ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…


2-гі падарожны.

Мо’ помніш леташнюю восень:
Ўвесь сьвет быў глух і дзік, і пуст;
Шум не сьціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плачэ кожны куст.
Здаецца, пеклава вясельле
Ўзнялося, круціцца, сапе;
Ні блыску зорак, ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.
Цурком дождж льецца, як із луба;
Скаголе вецер, як той зьвер,
А мы пат хвойкамі аж люба
Начлег спраўляем, як цяпер.