Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Склеп нямы, дзе лежаў чараўнік адчыніўся,—
Сьвет нанова стаў новыхъ чэкаці.

VI.

Уставаў чараўнік, што сыноў трох выводзіў
І паказываў тры ім дарогі:
Віцца ў захадзе стаў, віўся ў чорным усходзе;
Стаў сачыць скрось глухіе парогі.
Ў фалях мутных шукае, к каму дзе патсесьці,
Нагавормі сваімі абвеіць;
Трох сыноў ён шукае, што ў чэсьці, ня ў чэсьці
На яго мейсцы пошусьці сеюць.
Азірае сыноўніе спадкі ў пустошы,
Ў быт глядзіць ад канца да пачатку;
Засыпае, ўстае на атцвіўшай пакошы,
Аджыўляецца ласкай прыпадку.
Барадой яго пошум, як лесам, калышэ,
Хмары звонам кладуцца на плечы,
Грамавік на грудзях яго гібелі пішэ,
Ведзьмы шэпчуць салодкіе рэчы.
Ён ідзе… Сям і там набіваецца ў госьці,
Упіваецца ў сэрцы нямые,
І сьцібрае на путы струхлеўшые косьці,
І пляцёнкі з асьлепленых шые.
За сабою валочэ патухшые душы,
Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы;
Кроўю цёплай сьцюдзёные вогнішчы тушэ,
Сэрцы лёдам аблітые лушчэ.
І свае, і чужые выцягвае звадай
Жылы белые чорнымъ патрэбам,
Каб заместа усіх і ўсяго ў сьветагляду
Быць усім—і зямлёю, і небам.
Каб спустошыць, абнетрыць трупьём чэлавека,
Даць папас на магільным папасе,
І так хэўраю будучых, быўшых адвекаў
Расцвісьці, растапіцца ў безчасьсі.
Гэткай рдзее душой чараўнік сьлепаводнік,
Што сыноў навучаў трох калісьці,
А за ім сучэ сьледам, цянюючы, зводнік.
І гайдае зялёные лісьці.