Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

V.

Дні за днямі, гады за гадамі йдуць важна,
Йдуць суважна за зьменамі зьмены,
Перамены ў сябе засевае брат кажны,
Шчасьцю ўзносюць свайму новы сьцены.
Асьвяціў сваё чорнае першы сумленне
Прагавіцьцем быць сонцу раўнёю,
Ў путахъ стужу трымаць, меці жараў насенне,
Тлець, палаць над людзьмі, над сабою.
Як сам цар-Грамавік, чуе ў жылах пажары,
Сонцы-б новые сеяў па небе,
Абярнуў-бы сялібные ў пламя абшары,
І сьвет цэлы спаліў-бы ў патрэбе.
Гэткіх думаў сягнуць недасягнутых чынаў…
Аж сябе сам сабою распражыў:
Сонцэ сэрцэ яго растапіла, як льдзіну,
А душу спапяліла на сажу.
Брат другі шоў на нетры сьляпые аблавай,
Воблік крадзены кідаў загубам,
Акрыляў сам самога асілкавай славай,
Паўставаў проць хватанаго клубам.
Як двурог-маладзік, маладзеў серад зломаў,
Вызіраў непакорай, пакорай,
На мінуўшым мінуўшые ўзводзіў харомы,
Патпіраў кастылямі патпоры.
Прыпадаў к мёртвым краскам грудзьмі і душою,
Сагрэваў сэрцэм лозы і шышкі,
Выцвітаў, аж і стаў—чым быў—чорнай землёю,—
Зьвесьць ня зьвёў недахваткі і лішкі.
Трэці брат загаворы здымаў с папялішча,
Знаць даваў моц іх сьпячым народам;
На вялікае новых прыпеваў ігрышчэ
Выступаў-атступаў чараводам.
Зводам браў-сунімаў крыўдадзейнаго зьмея,
Трос заломам, як сівер мятліцай;
Сховы новые ўзносіў паміж сухавеяў
І пускаў к ім старые крыніцы,
Гнаў крыніцы, піў з іх і у іх затапіўся…
На былом даў былому ўзрастаці: