Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А як пойдзе хто першай,—ён кажэ ім гэтак,—
Што на ўсход шляхам чорным кладзецца,—
Напаткае чужацкі крывавы палетак,
І ў крывавай скупаецца рэчцэ.
Той шлях першы і першая рэчка атрутай
Споюць так і за хатай, і ў хаце,—
На другіх будзе строіці петлі і путы
І сам гэтые путы цягаці.
А як пойдзе другім хто гасьцінцам-дарогай,
Што на захад кладзецца вужакай,—
Свой палетак любіць стане горэй чужога,
Прыпадзе к чужой рэчцэ, як пьяўка.
Той другі шлях і рэчка другая загладай
Атуманюць душу, зальюць вочы;
Будзе сонца шукаці сабе, як прынады,—
Даць, знашоўшы, другім не захочэ.
А як пойдзе хто трэцяй сьцяжынай-пуцінай,
Што сваей не мінае граніцы,
Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай,
Сьмягнуць будзе над роднай крыніцай.
Той шлях трэці і трэцяя рэчка сьляпою
Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі…
Ён насыпе пешчаны узгор нада мною,
І таптаці узгор гэты будзе.
Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці—
Спадкі—цень свой на памяць аставіў…
А сыны сталі праўдзе-непраўдзе служыці,
У сваей кожны долі і славе.
Спадабалася першаму першая сьцежка,
А другая—другому сыночку,
Ўзяўся трэці на трэцяй, як грыб-сыравежка,
Спатыкаці, праводзіці ночку.

II.

Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца…
Ўжо збываюцца бацькавы словы:
Ад рукі сына першага вісельні гнуцца,
Ў зямлю йдуць маладые галовы.
Захапіў яго похмур лядачны, крывавы,
Жэлезянымі клешчамі сьціснуў;