Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Кінулі цела—эй, цела праклятае
Без пасьвячэння, без модлаў, с трывогай.
Зводна пашлі толькі ўздохі пустынные:
Быў чэлавек і німа чэлавека;
Згінуў ня то ўжо саўсім каб скацінаю—
Так сабе ўрэзаў трацініну века.
................
Сотні раз хмарамі небо ўзгамоніцца,
Сотні раз ніву спалошчэ, абсушэ,—
Памяць аб вісельным век не затопіцца,
Будзе пужаці трусьлівые душы.
З году да году у сьвята дзядовае
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
Песьню вятрыска пяе пагрэбовую…
Вісельнік блудзе паўночнай часіна…

|}



Курган.

Памяці С. Полуяна.

I.

Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы рэкі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў карэнасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпоўку воўк нема вые;
Сонцэ днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатые.
Хмары неба ўсьцілалі мо’ тысячу раз,
Пяруны білі с края да края,—
Ён стаіць—гэта памяць людзкая—паказ…
Толькі гутарка ходзе такая.