Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сыпка дарога; сьлед значэн ледзь-ледзь.
Дзень хмараваты, ветраны…
Ехаў, даехаў Сьцепан наканец,
Грош апаследні пакінуў,
Лекаў набраў і гайда, маладзец!
Валіць дамоў, бедачына.
Валіць… Піліпоўкай, ведама ўсім,
Дню лік—гадзіна, ня болей.
Выехаў з гораду—цёмна саўсім,
С конікам сам ён у полі.
С поўначы сівер наскочыў сухі,
Сьнегам стаў кідаць зласьліва;
Шум ад завеі панёсся глухі,
Пеклам і небо, і ніва…
Конік Сьцепанаў нага за нагой
Пхнецца ў сьнягу па калені;
Пройдзе і стане, трасе галавой;
Пугу што-раз чуе меней.
Пхнуўся, цягнуўся,—нарэшце, як стаў,
Далей ні кроку—трасецца.
Як яго Сьцёпка не гнаў-паганяў,
Хоць ты забі—ані з мейсца!
Шорах па целе Сьцепана пашоў.
Страшные родзяцца думы.
Шмат ешчэ вёрстаў дабрацца дамоў.
Пужаюць сьнежные шумы.
Што тут рабіць? Конь ня хочэ вязьці,
Дома сын лекаў чэкае...
Кінуць каня? Пехатою ісьці?
Жаль, дый і ночка-ж такая!
Ўсё-ж сын мілей!—Лезе с санак Сьцепан,
Крыжам дарогу зазначыў;
Цяжка на сэрцы, у вочах туман,
Боскаго сьвету не ўбачыш…
— «Будзь здароў, косю! Хоць жаль мне цябе,—
«Хворы Сымонка чэкае!»
Так шапнуў Сьцёпка і ў поле брыдзе,
Ў гурбах чуць ногі зьменяе.
Шоў ён, шоў дружна, а дзе і куды,
Зьбіўся і сам тут ня ведаў;