Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзе за вёскай пуціны ідуць на-крыж дзьве,
Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве;
Там бярозка пасаджэна мною шуміць,
Салавейка вясной там сьпеваці ляціць…
…Свой напеў галасіла прадвесьне людзям,
Крутавата на вёсцы прыходзілась нам:
Тым нехват хлеба, корму,—падаткі другім
І той сон, і спакой аднімалі саўсім.
І стары мой у гэтым нічуць не адстаў:
Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў.
Што рабіць? ёсьць Красулька—жывёлка адна,
Трэба ў горад, на торг,—німа рады, беда!
Сьлязіну-гарчыню абмахнуў рукавом,
За вяроўку, за цёлку, ды марш пехатом.
Толькі робіцца цёмна ў вачах бедаку:
І чамуж так усё не ручыць мужыку?
Вось і горад. Красульку таргуюць, прадаў,
Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў,
Машыруе дамоў, падпевае з нуды,—
Хоць на час адкупіцца, ёсьць чым ад бяды.
Многа зьвера у пушчы у цёмнай снуе,
Болей злыдняў меж намі ё, людзі мае!
Многа сьцежэк-дарожэк ля нас лягло тутъ,
Толькі з іх мужыку—адны мукі і блуд…
Ужо ладна за горад стары адышоў,
Тут за пазуху зірк: што схаваў—не знашоў!
Ні кароўкі, ні грошы німа ўжо, німа…
Не беда: дзяга ёсьць, ёсьць пацеха адна!
Мы з дарогі чэкаем-і маці, і я;
Дзень, другі не відаць, ажно трэйцяго дня
Слых пашоў па сяле, што ў лясочку пятлёй
Хтось закончыў жыцьцё—гэта быў… гэта мой…
Гэй, што сьпіш там, шынкар? Эй, сякі ты, такі!
Болей водкі—пьюць, знай, не здарма бедакі!
Не нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і не знаць!..

|}