Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Юрка ўсё бяднее,
Багацеюць людзі.
Дзе той спрыт падзеўся,
Дзе тое здароўе?
Ў хаце непарадкі,
Проста, безгалоўе.
Тут-жэ суд апошні
І пастанаўленне:
Заплаціць расходы
І на высяленне!
А было ўжо лета
На зямлі шырокай;
Сёмуха мінула,
Петра не далёка;
Дабрыцо красуе,
Траўка зелянее.
Юрка кіне вокам—
Так і абамлее:
Ўся яго работа
Каля маткі-нівы
Пойдзе, як у процьму,
Марна, нешчасьліва.
Дарма ён і к пану,
І к усякім членам—
Бье паклон нізенькі
І гэтым, і гэным:
Станавы прыехаў
Выкідаць астаткі
З яго роднай ніўкі,
З яго роднай хаткі…

V.

Сьпета Юркі песьня,
Ўсё пашло па сьвеце:
Жонка у пясочку,
Людзям служаць дзеці.
Сам ужо да працы
Стар і слабаваты,
С торбамі папхнуўся
Ад хаты да хаты.