Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

VI.

«Я пакажу ўсе вам чары—
«Чары ўсе неба, зямлі,—
«Шчасьця другога пажары,
«Дзе-б вы сагрэцца маглі.
«Праўду ў лад новы настрою,
«Новые песьні злажу…
«Гэй-жэ, за мною, са мною!
«К сонейку шлях пакажу!.».
Так прызывае—галосе
Скрыпка ў руках песьняра.
Эха пад неба няслося.
Днела ўжо; гасла зара.
Чуюць музыку суседзі—
Камень бы зрушыць магла!
Сьпеў песьняр. Глянуў, угледзіў:
Хата пустая была…

|}



За што?.


I.

Ой, мае вы песьні,
Песьні весялушкі!
Будзьце мне слухмяны
Вы, мае пяюшкі.
Ці я сам у полі,
Ці я дзе з людзямі:
Цяжка мне, нялёгка,
Калі я не з вамі.
Мусіць я памёр-бы,
Каб мне вас не стала;
Мусіць паваліўся,
Як бярно павала.
Дык-жэ будзем жыці
Разам днём, ці ночай,
Пакуль сэрцэ бьецца,
Пакуль плачуць вочы!