Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

«Без ласкі—с слугамі палац астрогам, пусткай вечнай будзе.
«С падружкай мілаю і лес як найбагатшы стане хорам…
«Німа яе—німа жыцьця, усё аднэй няўцехай, горэм».

V.

Галубка чуе галубка, і сэрцэ радасьцю ей бьецца,—
Што гэтак помне ён аб ёй, такому жалю аддаецца.
Але ня доўга шчасьце ей усьмехам думкі калыхала:
Галодны тут-жэ госьць лежаў, а гэта значыла не мала.
«Ня думай, мілы, аба мне,—так галубку галубка кажэ:
«Уперад волю споўнь багоў: яны пры ўсём стаяць на стражы…
«Гасьця ты маешь у сябе: замёрз, і есьці пэўне хочэ,—
«Заняцца шчыра мусіш ім, каб не пракляў цябе і ночы».
Пачуў, стаў весел галубок, ад радасьці аж як не плачэ.
Сьпяшыць гасьцю служыць, пытаць, якую той цярпіць нестачу.
«Я змёрз», гаворэ той яму. Галуб рад памагчы ў прыгодзе:
(Бо-й дрэво ў цень хавае свой таго, хто нават сеч прыходзе).

VI.

Гальлё сухое і лісткі зьбірае, колькі сілы мае,
Кудысьці злётаў па агонь, развёў і госьця ўзноў пытае.
А паляўнічы да яго: «дай есьць, галодзен я сягоньня».
Тут бедны галубок схмурнеў: не знае, дзе яду спагоне.
То-ж ён па-птушэму жыве, жыве тым, што пашле здарэнне;
Німа запасу ў галубка. А госьць ня можэ знаць цярпення.
Падумаў трохі галубок і штосьці выдумаў такое…
«Спакоен—кажэ—госьцік, будзь, і голад твой я заспакою.
Сказаўшы гэта, над агнём тры разы звольна акруціўся,
І як маланка, як стрэла ў вагонь, як ёсьць, жыўцом зваліўся…
Ўстрос паляўнічым страх і жаль; дае зарок ня жыць так болей:
Спаліў прылады ўсе свае, галубку выпусьціў на волю.

VII.

Дый воля ўжо ей не ў карысьць. Сядзіць і сумненька бядуе:
«І лес, і сонцэ, і прастор мяне ня цешаць маладую.
«Дружок ужо на сьвеці тым; с кім варкаваць, як даўней буду?
«Нядолю-долю с кім дзяліць?.. Жыцьцё ўжо мне няспыннай жудай.
«Пайду за ім, пайду к яму. Прыймі мяне к сабе, мой любы!»
І з гэтым словам, як і ён, валілася ў вагонь-загубу.